ФАРЭ́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (фарэрскае Føroyar, дацкае Faerørne),

архіпелаг на ПнУ Атлантычнага ак., аўтаномная частка Даніі. Пл. 1399 км². Нас. 45,3 тыс. чал. (20.00). Падзяляецца на 8 абласцей. Адм. ц. — Торсхаўн. Афіц. мовы — фарэрская і дацкая.

Прырода. Уключае 24 астравы вулканічнага паходжання, найб. — Стрэймай, Эстурай і Сувурай. Складзены пераважна з базальтаў і туфаў, якія ўтвараюць плато з завостранымі грабянямі. Выш. да 882 м. Шматлікія фіёрды. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, базальт. Клімат марскі з невял. розніцай паміж т-рамі летам і зімой. Характэрна ветранае дажджлівае надвор’е, туманы. Сярэдняя т-ра самага халоднага месяца — сак. 3 °C, самага цёплага — ліп. 10 °C. Ападкаў каля 1500 мм за год. Паўд. схілы плато і рачныя даліны ўкрыты травяністай расліннасцю, скалы — мохам і лішайнікам. Лясоў няма, трапляюцца карлікавая вярба, нізкарослы хвойнік, лугі, тарфянікі, верасоўнікі. Шмат птушак (больш за 200 відаў), птушыныя базары. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай.

Насельніцтва. Каля 85% насельніцтва складаюць фарэрцы, астатнія — датчане і прадстаўнікі інш. народаў. Пануючая рэлігія — лютэранства. З 24 астравоў заселены 18. Сярэдняя шчыльн. 32,4 чал. на 1 км². Сярэднегадавы натуральны прырост 0,49%. Гарадоў (паселішчаў з насельніцтвам больш за 1 тыс. ж.) — 10 (у адм. ц. Торсхаўн 16,1 тыс. ж.).

Гаспадарка. Асн. галіна эканомікі — рыбалоўства і рыбаперапрацоўка. У рыбалавецкім флоце 270 суднаў агульным водазмяшчэннем 54,5 тыс. бр.-рэг. т. Улоў рыбы ў 1999 склаў 345 тыс. т. 23 рыбаперапр. прадпрыемствы. Невял. прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Суднаверфі. Здабыча бурага вугалю і торфу. Нар. промыслы (вязанне шарсцяных світэраў). Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць авечак (68 тыс. галоў) і буйн. раг. жывёлу. Раслінаводства спецыялізуецца на вырошчванні кармавых культур для жывёлагадоўлі; невял. пасевы збожжавых. Традыц. птушкалоўства і збор яек на птушыных базарах захаваліся як спорт. Мясц. перавозкі аўтамаб. і марскім транспартам. З Даніяй астравы звязаны марскімі лініямі. Экспарт — рыба і морапрадукты (95%), імпарт — нафта і нафтапрадукты, прамысл. і харч. тавары. Гандл. сувязі з Даніяй, Нарвегіяй, Швецыяй і інш. Грашовая адзінка — дацкая крона.

т. 16, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)